Беларуская Служба

«Жахлівыя былі эмоцыі, не хацелася жыць агулам. Але я ўзяла сябе ў рукі». Як беларусы знаходзяць сябе ў Польшчы

16.06.2026 17:04
Эміграцыя, асабліва ў сталым узросце, гэта нялёгка. 
Аўдыё
  • Гісторыя беларусаў, якія перабраліся ў Польшчу.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: shutterstock.com/Song_about_summer

Госці нашай перадачы  дзве беларускі ў сталым узросце, якім прыйшлося ўсё перавярнуць у сваім жыцці і выехаць за мяжу. У Беларусі ім пагражала небяспека з-за іх палітычнай неабыякавай пазіцыі, таму туды яны паехаць не могуць, хаця ў Польшчу ехалі з думкай, што гэта ненадоўга, трэба толькі крыху перачакаць. Як ім жывецца ў Польшчы і што яны думаюць пра сітуацыю ў Беларусі?

Маргарыце 65 гадоў, яна ў Польшчу прыехала з адной торбачкай. У Беларусі ў яе не засталося нікога блізкага, таму ўсё жыццё цяпер – тут. Яна расказвае, што пачаткі ў новай дзяржаве былі вельмі цяжкімі, але дапамагла ёй асэнсаваць новую сітуацыю вандроўка па асенняй Польшчы.

— Жахлівыя былі эмоцыі, не хацелася жыць агулам. Я ўзяла сябе ў рукі, падумала – пайду ў Закапанэ, памру - дык памру. Пайшла на вандроўку ў Закапанэ, навучылася карыстацца гасцініцамі, раней не ўмела, а ў Польшчы гэта інакш. Гэта быў лістапад, выпаў першы снег... Я абышла Марское вока навокал, вялізная прыемнасць. Я падумала – трэба жыць, цаніць тое, што цяпер. У Польшчы можна вывучаць культуру, яна блізкая і цікавая. Хаця ў першыя дні не было стабільнасці. У Беларусі ў мяне было ўсё – дом, дача, пенсія, машына. А тут трэба ўсё пачынаць з нуля, здымаць кватэру, вучыць мову. Але пакрысе ўсё атрымалася, цяпер я адчуваю стабільнасць. Пайшла на працу, гэта дало мне сілы. Аформіла польскую пенсію, перавяла беларускую, цяпер чакаю польскую мінімальную пенсію. Наша краіна не адпраўляе дакументаў, а туды ж не паедзеш, каб даказаць, што маеш рацыю. Зробяць з цябе злачынцу, як у 37-ым годзе, калі са звычайных людзей рабілі злачынцаў. А колькі памерла, а колькі людзей выйшла хворымі, а ў моладзі адабралі будучыню.

У Святланы сітуацыя яшчэ больш цяжкая, паколькі па польскім заканадаўстве яна яшчэ не пенсіянерка (тут пенсійны ўзрост для жанчын – 60 гадоў), беларускую пенсію яна таксама не можа аформіць. Таму прыходзіцца працаваць поўны рабочы дзень, каб аплаціць арэнду кватэры і жыццё. Тым не менш, Святлана кажа, што яна стараецца яшчэ знайсці час на тое, каб чытаць кніжкі і паглыбляць свае веды пра польска-беларускія культурніцкія сувязі. Яна мае як польскія, так і беларускія карані, таму яе цікавіць супольная гісторыя двух народаў.

— Мы адзін аднаго ўзбагачаем, а не лічу, што нам гэта нечым пагражае і мы станем палякамі. Калі ўжо так сталася, што я ў Польшчы, я б хацела дазнацца свае карані. Вельмі хацелася б ведаць гісторыю. Культура ўтрымала нас у беларускасці. Мне заўсёды было вельмі цікава ўсё культурніцкае, гістарычнае. А ў Беларусі трэба быць археолагам, каб гэта раскапаць. І мы вельмі шмат не ведаем. У мяне на паліцы стаяць кнігі, якія ўсе ўжо экстрэмісцкія. У мяне былі добрыя настаўнікі, якія навучылі мяне ставіць пытанні. Адукацыя ў Беларусі дрэнная, там не вучаць задаваць пытанні. “А на халеру табе гэтая гісторыя, а на халеру табе гэтая беларускасць”.  Як “на халеру”, гэта ж мы! Праблема беларускай мовы ў тым, што яе няма ў вышэйшай адукацыі і ў дакументацыі. Таму беларуская мова не запатрабаваная.

Уся гутарка ў далучаным гукавым файле

Размаўляла Наталля Грышкевіч